Агнета Плейел |
| Хто
назiрае вецер |
| * * * |
Я папрасiла Сi даць мне пачытаць лiсты Авеля, якiя ён пiсаў дамоў з Iнданезii. Сабiраючыся ехаць у Парыж, я патэлефанавала са Стакгольма. Сi ахапiла нерашучасць -- я еду й магу згубiць лiсты. Ды перамогшы свой страх, яна прыехала з лiстамi з Мальмё ў Капенгаген. Я чакала на пероне. Было страшэнна сцюдзёна, мароз пракраўся ў мяне праз падэшвы ботаў. Дзьмуў вецер, iшоў снег, я ўжо вырашыла, што Сi не прыездзе. |
I тут я ўбачыла яе. Iсцi ёй было цяжка, абапiралася на кульбу. У нас было адно некалькi хвiлiнаў. Лiсты ляжалi ў карычневым канверце, перавязаным тоўстым шнурком. Беражы iх. Толькi не згубi! |
Гэта былi не арыгiналы, я знайшла ў канверце дваццаць цi дваццаць пяць лiстоў, якiя яна сама калiсьцi перапiсала. Яны праляжалi ў мяне ў Парыжы амаль месяц, перш чымся я адкрыла канверт. Чаму я гэтак доўга не адважвалася прачытаць iх? Мабыць баялася, што чытанне сатрэ ўсе жывыя ўспамiны? Нядаўна я iх прачытала. Парою слёзы засцiлалi мне вочы. У тойстай ваўнянай кофце, абкруцiўшы шыю шалiкам, я хадзiла па халодным пакоi й паўтарала: чалавечае жыццё, чалавечае жыццё!.. Потым я ўжо не паддавалася сантыментальнасцi. Бо ўрэшце ўдача ўсмiхнулася Авелю. Ён збудаваў свой Элльхольмсвiк. I сканаў, пазнаўшы красу. Але чытаць лiсты было балюча. Перапiсваючы iх, Сi рабiла свае познаткi. Бо яна ўжо ведала, чым усё скончыцца. Бачыла, як Авель ашуквае самога сябе, узводзячы свае паветраныя замкi. Бачыла, як ён захапляецца крозамi й фантазiямi. Таму што кожны раз, калi рушылася адно, тут жа ўзнiкала iншае. I ён заўсягды загараўся сподзевам. Яна падвяла вынiк ягонага жыцця й ягоных няўдачаў, спраецыраваныя на ейнае жыццё. Каментары Сi на палях былi бязлiтасныя. «Памылка!» пiсала яна там, дзе Авель паведамляў, што цяпер такi яму павiнна пашэнцiць то ў ролi агента па продажу нямецкiх газавых лiхтароў, то што-небудзь у гэтым плане. |
«Наiўна». «Мамчын сынок!» Цяпер ужо зусiм хутка я змагу купiць пiянiна, пiсаў ён. «Гэта расцягнец-расцягнулася на пятнаццаць гадоў», суха заўважае Сi. I калi Авель на куццю на Барнео сядзiць у сваёй лодцы з кольтам пры боку, а вакол ва ўсе бакi цягнуцца першародныя лясы, i пiша пра сваю ўпэўненасць у тым, што абавязкова знойдзе золата, а там ужо зусiм хутка зможа абняць бацькоў, Сi краценька заўважае: «Да iхнай сустрэчы прайшло яшчэ дваццаць два гады». Золата было апошнiм сподзевам заробiць грошы, вярнуцца дамоў i заняцца жывапiсам, таму што тады было яшчэ не позна. Потым ужо стала позна. Лiсты, напiсаныя на рацэ Капуас, што вiла петлi ў джунглях, яшчэ поўныя сподзеву. Золата неадменна дасць яму грошы, у якiх ён мае патрэбу. «Але, ён так думаў. Пасля гэтае мiтрэнгi ён застаўся жабраком». I паступова, у лiстах Авеля, якiя сталi зусiм рэдкiмi, гасла мроя пра вяртанне да жывапiсу. Няўжо ўсё гэтак i было? Авель не хацеў разумець, што Оскар выкарыстоўвае яго, але Сi бачыла гэта й чытала памiж радкамi. Як напiсана на палях, гэта пацвердзiлi ёй людзi, якiя ведалi абодвух братоў. На Барнео Авеля паслаў Оскар. Страцiўшы марна гэтулькi гадоў, Авель вiнавацiць сябе, што Оскар не атрымаў даходу, на якi разлiчваў. У тым, што ён сам упустую згубiў гэтыя гады, Авель папракае толькi сябе. Яшчэ доўга пасля таго, як зацiкаўленыя ў гэтым прадпрыемстве людзi -- Оскар, Бiрнi ды iншыя, -- перасталi яго фiнансаваць, Авель адзiночна надрываецца над землечарпалкай, спадзяючыся знайсцi нарэшце вялiкую жылу. Яна павiнна быць тут, ягоныя стараннi не могуць прапасцi дарэмна, ягоныя разлiкi, ягоная геалагiчная разведка... |
Пасля таго як землечарпалка асунулася ў рудыя воды Капуас, нягледзячы на ўсе намаганнi Авеля падняць яе практычна голымi рукамi, ён працаваў за грашы ў пасрэднiцкай фiрме брата ў Сурабаi. «Оскар сурова абыходзiўся з iм i не даваў прасоўвацца па службе», -- пiша Сi на палях. Так, напэўна, i было. Гэта цалкам магчыма. Але ў лiстах пра гэта няма нi слова. Яны дыхаюць любоўю да Оскара й ягонае жонкi Тр’ююс. Авелю здаецца, што ў ёй знайшоў сястру. Ён пiша Ганне, што аднойчы ўночы на Барнео яму прыснiлася, што ён сядзiць у сонечным пакоi й гуляе з маленькай сястрычкай, той, якая памерла й якую звалi Алiсай. Дзiвосны сон! I Оскар i Тр’ююс прыслалi яму на Каляды, якiя ён святкаваў самотна, цэлую скрынку цыгараў i яблыкаў! Сi мае рацыю, калi пiша, што iхная мацi, Ганна, спрабавала разлучыць братоў. Ганна не хацела, каб Авель працаваў на Оскара. Гэта я зразумела з абуранага лiста, прысланага Авелем з Барнео. Ён пiсаў, што Ганна не мусiць сеяць разлад там, дзе пануе братэрская любоў. «Зразумей, старэнькая, гэта такое рэдкае шчасце». Не, у гэтых лiстах няма нiводнага папроку ў адрас Оскара. У iх ёсць толкьi глыбокае шкадаванне пра згубленае. Вось што пiша Авель Ганне на другi цi трэцi год пасля ад’езду з дому: «Цяпер я ведаю, што рашэнне ехаць было памылкай, з-за якой я сам сабе стаў чужы, кожную хвiлiну й кожную гадзiну я адчуваю, як ува мне пануе ледзяны холад, я ашукаў, абакраў i забiў самога сябе». У Парыжы яшчэ зiмна. На гандлёвай вулiцы ля сваiх ятак стаяць прадаўцы-арабы, абкруцiўшы галовы ваўнянымi шалiкамi. Гароднiну яны прыкрылi палатнiнай. Але й садавiна й гароднiна ўсё роўна замярзае. Купленая ў iх бульба нiякая, пры пакаёвай тэмпературы яна робiцца мокрай i мяккай. У жонак арабскiх прадаўцаў шчокi ды iлбы пакрытыя сiняватай татуiроўкай. Я люблю хадзiць па гэтай вулiцы. Я купляю гароднiну, дабаўляю да яе грыбы. Спасярод вулiцы каля сваёй чатырохколкi сядзiць старая. Яна прадае мяту й чабор, звязаныя ў невялiчкiя пучкi. Я заўсягды купляю ў яе што-небудзь. Яна носiць шэрую баранковую шапку й падобныя да жанчын Ленiнграда цi Масквы. На р’ю Сен-Дэнi стаяць прастытуткi, iхныя твары моцна нафарбаваныя, ногi пасiнелi ад холаду. Па нядзелях яны грэюцца пад час службы ў саборы Сен-Ле. |
Маладыя святары, вясёлыя i дабрадушныя, вiтаюць нас, стоячы ля ўваходу ў сваiх доўгiх рызах. Яны пацiраюць далонi, а парою хлопаюць, каб сагрэцца. Здаецца, нечаканая зiма спынiла час. З гэтакiм жа поспехам мы маглi б знаходзiцца i ў мiнулым стагоддзi. Я купляю гароднiну ў арабаў, а ў француза ў краме Кодэк -- сыр i кiлбасу. Там на ганку сядзiць малады чалавек, уткнуўшыся iлбом у каленi. Ля ягоных ног стаiць пацёртая скураная сумка, ён просiць подаўку. У гэтую зiму на вулiцах i станцыях метро шмат жабракоў, раней у Парыжы iх гэтулькi не было. Гэта не звычайныя старыя, гэта маладыя людзi са змучанымi тварамi, падобныя да студэнтаў цi служачых. Беспрацоўе набiрае сiлу. I надзея гасне. Авель не прыехаў дамоў, i гэта самае цяжкое, што вычытала я ў лiстах, якiя мне дала Сi. I тлумачылася гэта тым, што ён не мог сабраць грошай на дарогу. Раней я гэтага не разумела, але ўсё выявiлася так проста, да болю проста. Я не разумела гэтага раней i таму няраз плакала, чытаючы лiсты Авеля. |
| да вокладкi | да зместу | урывак 1 |