Силла Науман |
| Багацце
жыцця |
| * * * |
Яна назвалася: Эстэр. Я назвала сябе. Дом даўно павiнны былi закончыць, распявала яна, ды будаўнiцтва зацягнулася. Ейны муж, Алi, паходжаннем быў алжырац. Ён вырас у багатай сям’i ў Аране. |
-- У дзесяць гадоў ён быў дужы й высокi ростам, лепшы вучань у класе. Ён не чакаў ад свету нiякiх пераменаў. Яму належыла прыняць у спадчыну бацькоўскую фiрму, стаць адным з буйнейшых бiзнэсмэнаў гораду. Але банкроцтва й самазабойства бацькi паклала ўсяму канец. Эстэр гаварыла хутка, кiдаючы фразу за фразай. Вочы ў яе жмурылiся ад зыркага святла. -- Мацi Алi ўзяла дзяцей i пераехала спачатку да сястры ў Марока, а потым да iншых сваякоў, у Парыж. У старэйшых класах Алi вучыўся ў прыватнай мусульманскай школе. Жылi яны цесна, разам з раднёй, у трохпакаёвай кватэры на Манмартры, дзе зусiм не было мэблi -- толькi малiтоўныя кiлiмкi, коўдры й посуд. Алi так i не адыйшоў ад смерцi бацькi, не дараваў краiне здарэння з ягонай сям’ёй. Ён лiчыў уладатрымцаў вiнаватымi як у немагчымасцi ператварыць у жыццё генiяльныя камерцыйныя праекты, так i ў тым, што бацька не вынес паразы. Чалавек не меў фактычна права на няўдачу. Няўдача не дапускалася. |
-- Алi быў прыгожы мужчына, вельмi добры i ў той жа час па-вар’яцку сярдзiты, -- не без гонару сказала Эстэр. Каб выйсцi замуж за араба, ёй, яўрэйцы, давялося вырачыся бацькоў. Вечарамi да Алi зачасцiлi мужчыны ў чорным, якiя яго прасiлi адступiцца ад Эстэр, пагражалi яму -- i кожны раз адыходзiлi з нiчым. Убачыўшы, што закаханыя ўпарцяцца цвёрда, бацька Эстэр выгнаў яе з дому. Ён палiчыў, што дачка памерла ў тую самую хвiлiну, як зачынiлся за ёй дзверы, i болей яны не сустракалiся. Яны пабралiся, i ў iх нарадзiлася трое сыноў. Старэйшы, Давiд, стаў урачом у буйнай парыжскай клiнiцы, сярэднi, Элi, быў фатографам, а малодшы, Бенжамен, якi ў асноўным вонкава быў падобны да бацькi, кiраваў агенствам фотамадэляў з чароўнымi даўгалыгiмi дзявухамi. Эстэр засмяялася. Эстэр гаварыла й гаварыла, нi пра што не пытаючыся. Ейныя сваякi адзiн за адным выступалi на свет, iхныя партрэты ўсё выяўней акрэслiвалiся перада мной на пяску. -- Гэта Алi настояў, каб мы пабудавалi дом, -- раптам сказала Эстэр i, устаўшы з-за стала, апаласнула ногi пад кранам каля лесвiцы, што вяла на пляж. Эстэр закурыла цыгарэту й доўжыла распавядаць. -- Ён хацеў сядзець тут i глядзець на святло, што падымалася над зямлёю ягоных продкаў. Ён так i не вярнуўся ў Марока, нi разу не пабыў там, хоць неспадалёку ёсць прыстань, адкуль штодня бывае некалькi рэйсаў у Афрыку. -- Яна паказала цыгарэтай управа па беразе. -- Ён нi разу не наведаў мясцiны свайго маленства. Але яму было даспадобы глядзець, як затухаюць вечарамi агнi ягонае радзiмы i як шторанiцы iхны водсвет зноўку ўзнiкае з марское смугi. Часам яму нават здавалася, быццам ён чуе крыкi муэдзiнаў. |
--Эстэр зноўку засмяялася. -- Праўда, ён лiчыў, што сонца тут свецiць з няправiльнага боку. На другiм беразе Гiбралтарскага пралiву, там, дзе прайшло ягонае маленства, сонца iначай люстравалася ад мора. Тут ён занадта часта трапляў у цень, да чаго ён так да канца й не звык. Ён адно казаў пра рознiцу, пра тое, як шмат значыць для чалавека дзённае святло, як западаюць у ячэйкi памяцi ценi й як яны там захоўваюцца, наколькi падобнымi цi рознымi робяцца людзi ад гэтых успамiнаў. Ураджэнцы адных краёў нясуць у сабе падобныя зацемкi памяцi, якiя не толькi немагчыма нiкому растлумачыць, але пра якiя наогул немагчыма гаварыць. Па ягоных словах выходзiла, што нi прыналежнасць да якой-небудзь супольнасцi, нi пачуццё радзiмы не паддаюцца рацыянальнаму вытлумачэнню. Яна змоўкла, быццам ашаломленая раптоўным з’яўленнем Алi, якi на iмгненне выразна паўстаў перад ёй, каб пасля растаць у цемрачы. -- Даведаўшыся пра невылечнасць сваёй хваробы, ён вырашыў, што нам трэба пабудаваць дом. Да таго часу мы ўжо трыццаць гадоў прыязджалi сюды адпачываць i заўсягды жылi ў гасцiнiцы паселiшча, але тут ён вырашыў будавацца. Бераг належаў дырэктару гасцiнiцы, якi зусiм спакойна прадаў нам гэты кавалак. Цяпер пляжы больш прадаваць не дазволена, так што нам пашанцавала. Эстэр закурыла новую цыгарэту, аднак ёй яўна не цярпелася доўжыць расповяд. Яна таропка зацягнулася й выпусцiла аблачынку дыму. Зняла з губы прылiплую крошку тытуню. -- Дом быў амаль закончаны ў першую ж зiму, ды потым будаўнiцтва замерла. Сама бачыш, што тут творыцца, а з тае пары мiнула ўжо сем гадоў. На зiму я мушу перавозiць мэблю ў паселiшча й складваць у гараж. Зiмой тут усё пакрываецца цвiллю. -- Затое летам тут зусiм няблага, звыкаеш i да ветру й да недаробкаў. Жывеш амаль як на прыродзе, таму ўвосень цяжка вяртацца ў Парыж. У кватэры я пачуваюся як пад замком. Вакол гэтыя вокны й дзверы, яны адбiраюць у мяне кiсларод... Яна загасiла цыгарэту. -- Праўда, мае хлопчыкi незадаволеныя. Летась дзявуха Элi нават адмовiлася тут жыць i перабралася ў гасцiнiцу. Яна баялася змеяў i яшчарак; наогул, яна была празмерна капрызная. Сёлета ён завёў сабе новую. Эстэр засмяялася, у вачох у яе заблiшчэлi агеньчыкi. |
-- У любым выпадку пра змяiную скуру лепей памаўчаць, -- дадала яна i, вярнуўшыся да стала, дапiла халодную каву. Яна доўга маўчала; я нават задрамала ў цяньку, амаль заснула, калi Эстэр узнавiла вой аповяд. «У апошнюю зiму Алi захацеў застацца тут. Зiма выдалася на рэдкасць цёплая, так што да канца кастрычнiка мы пражылi ў доме. Потым перасялiлiся ў гасцiнiцу, аднак штодзень прыязджалi сюды». «Ён сядзеў у крэсле на тэрасе, я варыла для яго суп. Мы кармiлi чаек, i я ўглас яму чытала -- калi не надта задзiмаў вецер. Апошнiя паўгода Алi не мог нi гварыць, нi хадзiць. Але ўсё разумеў, у яго не памуцiўся клёк, ён не ўпаў у маразм. Позiрк у яго быў ясны, хоць хвароба працiнала яго ўсё глыбей, знясiльваючы яго. Яна знiшчала ягонае вялiкае й моцнае цела, i ён сам сабе заўважаў новае адступленне». «Хлопчыкi не хацелi прыязджаць сюды, яны баялiся бачыць бацьку. Яны лiчылi, што яму лепей ляжаць у парыжскай бальнiцы, дзе б яго даглядалi медсёстры. Хай бы яны купалi яго, сачылi за тым, каб ён атрымлiваў дастакова вiтамiнаў i, як належыць, штодня трэнiраваў цяглiцы». «Але Алi не жадаў трэнiравацца, ён нiколi нiчога не рабiў дзеля праформы. Яму хацелася сядзець тут у старым спартыўным касцюме, акрыўшы ногi пледам. Ён гаварыў мне сваiм працяжлiвым, надрыўным шэптам, як яму даспадобы, калi валасы ягоныя давяраюцца ветру. Ён любiў сядзець на вулiцы, дзе ўсё рухалася, бо ўнутры ў iм усё паступова замiрала, бо спынялася само жыццё». Эстэр памкнула позiрк у далечыню й загаварыла спавольней. «Яму здавалася, што ад яго кепска пахне, i ён часта прасiў мяне распрануць яго й завезцi ў iнвалiднай калясцы проста ў мора. Ён сядзеў там голы й падстаўляў цела хвалям. Ад свежага ветру й салёнага мора скура ягоная ружовiлася. Тады звычайна купалася й я». «У той год мы купалiся амаль да сярэдзiны снежня. Гэта было як не адзiнае, што мы маглi рабiць разам. Я плавала вакол, жартавала з iм i пырскала ў яго вадой. Але калi ён пачынаў смяяцца, я адварочвалася. Смех ягоны быў страшны. Твар перакошваўся грымасай, якая з-за паралюша надоўга застывала на iм». У самой Эстэр твар таксама застыг, быццам яна зноўку ўбачыла перад сабой мужа. Мужа, якi сядзiць у iнвалiдным крэсле ля краю вады ў смяецца. Мужа, чыя грымаса да гэтага часу пакутная для яе. |
«У лютым яму стала так блага, што я болей не магла спаць з iм у адным пакоi. Па начах з яго булькацелi гукi, быццам крэкчат жабы. Я шалёна стамiлася ад бессанi. Урэшце хлопчыкi нанялi ў Парыжы сядзелку й прыслалi сюды. На шчасце, Алi прызнаў яе. Яна начавалаў ягоным пакоi i глядзела за iм вечарам, пакуль я хадзiла вячэраць. Удзень яна была вольная й магла адаспацца. Гэты час мы з Алi праводзiлi тут. Я штодня варыла суп, а яшчэ мы елi свежы хлеб, якi я з ранiцы купляла ў тутэйшага пекара. Алi заглынаў хлеб, калi я з белага мякiша рабiла знiцныя шарыкi. Яму падабалася, што iх можна есцi не давячыся. А другой палове дня мы заварвалi моцную мятную гарбату. Алi лiчыў, што ад гарачай салодкай гарбаты ў яго направiцца горла, будзе лягчэй глытаць. Я падкормлiвала яго хлебнымi шарыкамi, апельсiнавым джэмам i казiным малаком». «З роту ў яго цяклi слiнi й сыпалiся крошкi, ён загадваў мне адварочвацца. Я стала садзiцца збоку й апазадзь, каб не бачыць твару Алi. Я падносiла далоню да ягоных губ, i ён хапаў ежу ротам, як сабака. У рот трапляла нiштавата, калi толькi я не глядзела. Нельга сказаць, што ён дужа схуднеў». «Алi сканаў у апошнi дзень лютага. Дзень гэты прайшоў рыхтык як iншыя, не было нi маленькае подказкi, што ён стане апошнiм. Мы затрымалiся на беразе крыху даўжэй чымся звычайна. Было вельмi цёпла й амаль бязветрана. Алi зацiкавiўся птушаняткам, якое падскоквала вакол крэсла й пiшчэла, патрабуючы крошак». «Мора было незвычйна прыгожае, цёмна-сiняе й даволi спакойнае для гэтай паравiны году. Нам абоiм захацелася пакупацца. У мяне было таксама адчуванне, што мы пагрузлi ў смуродзе. Я адчувала пах Алi, але мне здавалася, што я й сама пахну, як ён. Не бяруся растлумачыць чаму -- такое ўражанне, быццам пахне сама хвароба. Як бы ты не сачыў за чысцiнёй, як бы нi ўнiкаў бальнiчных палат, урачоў i лекаў, падобна, быццам цела пачынае пахнуць ад працэсаў, што iдуць ў тканках». «Сканаў ён у сне. Я, як заўсягды, пацалавала яго й пажадала добрае ночы. Ён паглядзеў на мяне сваiм ясным позiркам. Калi я выходзiла, сядзелка вязала ў звычным крэсле. У нумары панавалi цiшыня й спакой». «Пасля вячэрняе праходкi я паставiла яму на тумбачку галiнку смакоўнiцы з набухлымi пупышкамi. Ён цiха спаў. Сядзелка кiўнула мне. Пакой па-ранейшаму выглядаў мiрна й спакойна». «Ранiцою яго не стала». |
| да вокладкi | да зместу | урывак 4 |
| 4
+ 4 + 4. Svenska Institutet, 1999. |