Силла Науман |
| Багацце
жыцця |
| * * * |
Люсi хутка крочыла наперадзе. Шапацеў мокры пясок. Караскаючыся па разгарэтых вострых камянях, мы перавалiлi праз скалы й апынулiся з другога боку на суседнiм пляжы. |
Крыху далей перад намi ўзнiк дом, што будаваўся проста спасярод пляжа. Мы накiравалiся да яго. Бетоннае збудаванне не было пафарбаванае, яшчэ не ўстаўлены рамы. Мы падыйшлi блiжэй i зазiрнулi на кухню. На абедзеным стале грудзiлiся нямытыя талеркi ўперамешку з прыборамi й iльнянымi сурвэткамi. Побач паднос, застаўлены келiхамi й графiнамi. У самым канцы стала пляцёная хлебнiца. Людзей не было вiдаць, у бязрамным вакне гуляў шторай вецер, пазвоньваючы ейнымi металiчнымi колцамi. |
Я павярнулася да мора. Люсi, даланёю засланiўшы вочы ад сонца, павярнулася туды ж. Мы ўбачылi жанчыну, якая выходзiла з вады. Няйначай яна заплыла дужа далёка, бо раней мы яе не заўважалi. Жанчына была ў чорным купальнiку. Яна йшла павольна, апусцiўшы адну руку ў мора, як бы доўжачы асалоду ад дотыку вады да пальцаў. Цiкава, цi цёплая тут вада, падумала я, цi добра тут купацца... Мне раптам шалёна захацелася панурыцца: скiнуць з сябе вопратку дый махануць у мора, каб змыць пачуццё нiякаватасцi, што цiснула на нас. Жанчына ўзняла руку ў памахала нам. Мы памахалi ёй у адказ i тым не меней паспявалiся прэч. Прэч ад круглага дома, прэч ад берага, угору па вузкай дарозе, што вiлася ўздоўж мора. |
Асфальт гэтак нагрэўся, што ягоная гарачыня прабiвалася праз падэшвы басаножак. Мы мiнулi тэнiсны корт, на якiм гулялi два падстарыя мужчыны. На мейсцы суддзi сядзела навязаная аўчарка. Ейны павадок саскрэбваў iржаўчыну з рыжа-рудое агароджы. Сабака дрыжэў усiм целам, у пашчы ад цяжкога дыхання баўтаўся язык. Вочы сачылi за гульнёй як на адным, так i на другiм боку пляцоўкi. Iншы раз хтосьцi з гульцоў выпускаў мяч. Сабака кожны раз лiчыў, што зможа злавiць яго, ды iрваўся следам. Павадок рэзка нацягваўся, шыя тузалася. З агароджы сыпалася iржаўчына. Унурыўшы галаву, сабака пыхтаў ды пачынаў безнадзейна скуголiць. Язык вывалiваўся з роту. Седзева шторазу ссоўвалася на колькi сантыметраў убок. Мора йшло следам за намi. Адтуль накочвалася ноч... Калi я адвярнулася, мне падалося, быццам нашая беласнежная гасцiнiца, што маячыла праз сiнiя прыцемкi, узбягае па строкiм схiле. Вокны ў чырвоных рамах зеўрылi чорнымi дзiркамi. |
| да вокладкi | да зместу | урывак 1 |
| 4
+ 4 + 4. Svenska Institutet, 1999. |