Iрына Туровiч |
| Не
мой дзённiк, або Нататкi з нагоды позняга пераходнага узросту З апавядання |
| Споведзь |
Нуль, сонейка маё, нуль i татальная ўраўнiлаўка: снягi падаюць, дажджы крапаюць, асобiны рознаплямённыя жывуць ды расплоджваюцца -- усяму свой час i свая чарга, i не можа быць iначай, i не трэба табе таго, праўда? |
На размеркаваннi роляў выпала мне не лепшая: змяя -- мой татэм, мудрасць i шчырае каварства -- мая каiнава пячатка. Аднак не буду я душыцца сваiмi ж кольцамi цi кусаць ад злосцi ўласны хвост! I не буду поўзаць там, дзе магчыма трапiць людзям пад ногi -- бо не паважаюць нас у гэтай гiпербарэйскай краiне, а толькi б’юць кiямi ды давяць рагацiнамi. Не, цiхусенька i асцярожненька схаваюся ў высокай траве, падпiльноўваючы мелкую дзiчыну, нiбыта няма мяне i нiколi не было, ды штогод буду скiдваць старую скуру. |
Нуль, дружачка, ачко -- дваццаць адно, цi дальбог, акурат у яблычка! Памятаеш падзенне прамацi? Па iронii лёсу, клiчуць мяне тут Евай ды некаторыя яшчэ -- Арыяднай. Я й спакуснiца, i пуцяводная нiтка ў лабiрынце. У прыцемках улада мая! Да крыжыка твайго прытулюся неад’емным кружочкам: цырк i царква -- аднаго кораня словы, а што ў iх агульнага? Вядома ж, я. Нуль, сонейка маё, пачатак без канца: ноч, ню, на; а сама па-за ўсiмi iмёнамi -- самота. Разгортваецца папiрус, згортваецца папiрус... Толькi таямнiца i застаецца, бо як жыць без яе? А я -- змяя, усiм стварэнням стварэнне i верны вартаўнiк дрэваў у тваiм садзе. Надышоў час пакаштаваць плод. Вока вылiчвае спелыя яблыкi ў густым лiсцi. Але тое, шуканае, высока -- варта прынесцi драбiны. Чаго прагнеш: божай ласкi цi ведаў? Пакутуеш перад выбарам, але я не падкажу! Павер змяi, не ведаю: нават калi хаваю ключы ад брамы, гэта яшчэ не значыць, што магу ўвайсцi ў двор. Твой шлях -- твой час. Хiба што благаславiць цябе магу, накрэслiць мапу, талiсманам запаўзцi ў тваю кiшэнь, падсцёбваць пугай тваё ўяўленне ды вiцца ў чаканнi цябе. Незайздросная доля! Але ж ведаю, што раблю. Скруцiўшыся ў колка, падрэмваючы на зялёным узгорку, буду чакаць. У цiхiм смутку i спакойнай радасцi я змяя, iероглiф Логаса. Той, хто бяжыць ад мяне, напаткае мяне. I таму мне добра. . |
| да вокладкi | да зместу | Не мой дзённiк... |