Iрына Туровiч |
| Не
мой дзённiк, або Нататкi з нагоды позняга пераходнага узросту З апавядання |
| Блюз |
Што вы ведаеце пра блюз? I якую часцiнку вялiкай праўды пра мяне? Пра адзiн дзень адчаю i сто гадоў адзiноты, пра незапатрабаванае каханне i начное неба над Манрэалем? |
Блюз -- гэта калi святыя маршыруюць, а д’ябал залiваецца слязьмi. Гэта аповяд пра Усявышняга, якi здраджвае Адама -- i Адаму застаецца толькi дараваць яго ў адказ. Блюз -- гэта арол, рэшка i рабро манеткi, якая круцiцца, завiснуўшы ў паветры, i наўрад цi ўпадзе долу. А калi ўпадзе -- дык трэцiм бокам. Гэта раздарожжа, куды трэба прыйсцi апоўначы. Думаеш, скруцiць шыю чорнаму пеўню, як раюць падручнiкi па чорнай магii? Не, значна прасцей: дачакацца чорнага чалавека i прамяняць сваю душу на тры акорды i дванаццаць тактаў. |
Тры таблеткi радасцi пад язык, калi забываешся на смак сонца -- i круцiся, кола агляду, на чацвёртай хуткасцi ў немаведама куды! Блюз -- гэта калi смерць гуляе ў паддаўкi i ты заключаеш мудрагелiстую здзелку са сваiм люстэрачным двайнiком. Зачараваны ты -- гэта я. I я -- гэта ты. Хто ж з нас ёсць iсцiна, Понцiй Пiлат?! Гэта гарачая кроў, свяшчэнная ўтрапёнасць, ураўненне ў танным гатэлi з двума чужынцамi i несцерпная лёккасць несцерпнага быцця. Гэта Фенiкс, што ўскрасае штодзень. I старыя сябры, якiя прыходзяць у сутоннi i маўклiва садзяцца на чырвоны плед у тваiх нагах. Ты выкрэслiваеш iх iмёны са святцаў i даты сустрэч з календароў, нiбыта дысанансы з рыфмаў, але -- позна! Госцi ўжо тут. Гэта шалёная калыханка i добрыя анёлы, што гуляюць з гiльятынай. Успамiн пра тое, чаго не было, няма i не будзе. Калi нечая ўседаруючая i непрыкаяная душа вандравала па падземцы, яна аднойчы сустрэла дуркаватага старычка i той пагладзiў яе па галоўцы. Душа раззлавалася. А потым ёй сказалi, што то быў бог. Усё наадворот -- круцiся, кола агляду! На крыж, на вогнiшча, на экран тэлевiзара, на ранiшнi растрэл, на край неба дарога мая. Дапамажы мне, госпадзi -- i калi-небудзь я дапамагу табе. Госцi сабралiся i ўладкавалiся ў крэслах, на канапе i папросту -- на дыване. Калi я пастаўлю кропку, павярнуся да iх цераз левае плячо i мы памаўчым. Пачакаем на раздарожжы. Бо што наша жыццё? Усяго толькi сенсацыi ва ўчарашнiх газетах. Тры акорды i дванаццаць тактаў. |
| да вокладкi | да зместу | Споведзь |